Новости

НА ШТО ПОПЫТ Ў МУЗКАЛЕДЖЫ?

Газета “Культура” №4 ад 24.01.2015. 

Надзея БУНЦЭВІЧ. Як установе адукацыі “раскруціць” земляка ізрабіць прафесію працягальнай 

Лідскі дзяржаўны музычны каледж згадваўся на старонках “К” неаднойчы – наперш, у сувязі з чарговымі перамогамі тамтэйшых выхаванцаў на міжнародных фестывалях і конкурсах. Сапраўды, апошнім часам салісты і калектывы гэтай навучальнай установы назапасілі добрую калекцыю кубкаў і гронкі медалёў. А чым жыве каледж “у вольны ад перамог” час – адно рыхтуеццца да наступных? Ці перажывае тыя ж праблемы, як і іншыя музычныя навучальныя ўстановы? І як з імі змагаецца?

Рынак адукацыйных паслуг, - гаворыць дырэктар Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа Алена СЕРАКОВА, - сёння вялізны. Колькасць спецыяльнасцей, якія можна набыць, ‑ неабсяжная. І сярод іх, вядома, ёсць куды больш прыцягальныя для моладзі і не такія складаныя, як музыка. Сядзець склаўшы рукі і чакаць, пакуль на нас абрынецца суцэльнае сузор’е апантаных, падрыхтаваных ужо самой матухнай прыродай юных талентаў (маўляў, бяры ды выпускай), не даводзіцца: дыямент – і той патрабуе агранкі. Ды яшчэ і знайсці яго трэба! Па-першае, імкнемся падтрымліваць узаемасувязь: школа – каледж – УВА. Па-другое, цікавасць да спецыяльнасці закладаем і падтрымліваем конкурсна-фестывальным рухам, канцэртнай дзейнасцю, міжкультурнымі абменамі. Па-трэцяе, улічваем індывідуальны падыход – іншымі словамі, “ролю асобы ў гісторыі”, як таму вучыць філасофія. Бо шмат чаго залежыць ні ад дырэктара ці якога іншага начальніка, ні ад мясцовых улад, на якіх, здараецца, любяць “спісваць” вечны недахоп матэрыяльных сродкаў, а ад ініцыятывы і зацікаўленасці кожнага, пачынаючы са сціплай пасады выкладчыка. Ды ніякая яна не сціплая! Бо менавіта ад настаўніка залежыць, ці натхніць ён сваіх выхаванцаў на музыцыраванне, ці падтрымае ў іх творчы агеньчык.

Мастацтва выканальніцтва на духавых інструментах у нашым каледжы калісьці вельмі ўзняў Канстанцін Сцяпанаў. Ніводны каледж не можа пахваліцца такой моцнай, як у нас, музыказнаўчай школай, ля вытокаў якой стаіць Бэла Двілянская. Традыцыі добрага выканальніцтва на народных музычных інструментах заклалі Мікалай Мякшыла і  Аляксандр Патапейка. Таму сёння ў нас ёсць два аркестры народных інструментаў – беларускіх (мастацкі кіраўнік Пушкіна Г.Б.) і рускіх (мастацкі кіраўнік Сечка А.Э.), і абодва развіваюцца вельмі плённа.

‑ Няцяжка заўважыць, што кожны з музычных каледжаў рэспублікі мае сваю “фішку”. Да прыкладу, Маладзечанскі імя Агінскага вядомы ў нас і за межамі праз свой сімфанічны аркестр на чале з дырэктарам каледжа Рыгорам Сарокам, праз канцэртныя і оперныя вечарыны, што ён ладзіць. Лідскі каледж, як мне здаецца, мае іншую базу – народнае выканальніцтва. І не толькі інструментальнае , але і, зразумела, вакальна-харавое.

‑ Так, у заходніх рэгіёнах вельмі папулярны акардэон, цымбалы, народныя харавыя спевы – праблем з наборам на гэтыя спецыяльнасці няма. Традыцыйна на базе каледжа праводзіцца Рэспубліканскі адкрыты конкурс выканаўцаў на народных інструментах імя І.Жыновіча па розных спецыяльнасцях, у некалькіх узроставых намінацыях. Гэта таксама – папулярызацыя і народнага выканальніцтва, і нашай установы. А вось тыя ж струнныя смычковыя інструменты, навучацца ігры на якіх пажадана з ранняга маленства, карыстаюцца, на жаль, меншым попытам – асабліва гэта датычыцца віяланчэлі, кантрабаса. Праводзіцца ў Лідзе і абласны конкурс імя Канстанціна Горскага – ураджэнца нашага горада, вядомага скрыпача і кампазітара, сябра і выканаўцы твораў П.Чайкоўскага, аўтара оперы “Маргер”, што ставілася ў Польшчы, больш за сотні рамансаў, музыкі іншых жанраў. Але імя нашага славутага земляка патрабуе далейшай “раскруткі” – у тым ліку, з боку СМІ. Дадатковая інфармацыйная нагода – 90-годдзе з дня смерці Горскага і 20-годдзе самога конкурсу, які ладзіцца з 1995 года, чаргуючы розныя намінацыі. Дадам, што наш конкурс адкрыў у свой час такія вядомыя ў рэспубліцы і за яе межамі імёны, як піяністка, кампазітар Дзінара Мазітава, трубач Максім Шкулепа, які іграе ў аркестры Вялікага тэатра краіны і выкладае ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. А конкурс “Ільвяня”, калісьці гэта быў “Лідскі вянок”, а летась ён атрымаў “павышэнне статусу”, стаў Рэспубліканскім фестывалем-конкурсам дзіцячага мастацтва – і быў перайменаваны ў “Ільвяня”, у рускамоўнай версіі якога няцяжка заўважыць гульню слоў з ранейшай назвай. Такі магуты разгорт не можа не сказацца на павышэнні рэйтынга і музычных спецыяльнасцей увогуле, і нашага горада, і ўсіх яго культурных устаноў.

‑ Але ж спадзяваццца адно на Лідскую школу мастацтваў, якая забяспечыць вас абітурыентамі, нельга.

‑ Ды нашы выкладчыкі па ўсім рэгіёне ездзяць! Ва ўсіх райцэнтрах, аграгарадках ладзяць канцэрты, праводзяць кансультацыі, майстар-класы, удзельнічаюць у журы тамтэйшых конкурсаў. Усё гэта і дае плён. Будучых абітурыентаў (і асабліва іх бацькоў) не можа не вабіць і добры ўзровень падрыхтоўкі, які дае наш каледж (сведчаннем гэтаму – высокі працэнт паступлення ва УВА), і стопрацэнтнае ўладкаванне на працу, бо нашы выпускнікі карыстаюцца вялікім попытам. Каледж – увесь час на вачах. Нашы калектывы і салісты ўдзельнічаюць ва ўсіх святах і акцыях гарадскога, раённага, абласнога маштабаў. Часта ўвогуле менавіта на іх і трымаецца канцэртная праграма. Ладзім мы і музычна-тэматычныя вечарыны ды іншыя мерапрыемствы, што прыцягваюць увагу грмадскасці. А выезды за мяжу, што сталі практыкавацца апошнім часам, увогуле робяць фурор. Таму з такой удзячнасцю ставімся да ўсіх, хто нам дапамагае. Бо грошы патрэбны не толькі, каб кудысьці выехаць, але і каб было з чым. Агульная для ўсіх музыкантаў праблема – набыццё добрых інструментаў, да прыкладу.

‑ Маеце спонсараў?

‑ Ускладаць на плечы дзяржавы абсалютна ўсё – немагчыма. Таму звяртаемся на буйныя прадпрыемствы, у іншыя арганізацыі – ад раённага аддзялення Беларускага фонду міра да Лідскага благачыння. Больш за ўсе магчымасцей ў аб’яднання “Лідскае піва”. Дый кіраўніцтва завода добра разумеее, што выступленні айчынных калектываў, асабліва ў замежжы, услаўляюць не толькі горад, але і ўсю краіну, нават ускосна садзейнічаюць экспарту беларускай вытворчасці.

Вольга ДАДЗІЁМАВА, доктар мастацтвазнаўства, прафесар, загадчыца кафедры беларускай музыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі:

‑ Мне не аднойчы даводзілася бываць у Лідскім музычным каледжы з мэтай прафесійнай арыентацыі, я наведвала некаторыя заняткі, прысутнічала на заліках і іспытах. Дый сярод студэнтаў акадэміі музыкі нямала выпускнікоў гэтай навучальнай установы, з якімі сутыкаешся штодня (наколькі я ведаю, ажно 70 адсоткаў навучэнцаў каледжа паступае ў розныя УВА – гэта вельмі высокі паказальнік). Музыкантаў з Ліды вызначае не толькі высокі ўзровень падрыхтоўкі, але і крэатыўнасць мыслення, высокі творчы патэнцыял, які быў раскрыты ў іх удумлівымі і адданымі сваёй справе выкладчыкамі. Калектыў каледжа ўяўляе сабой зладжаную суполку, якая працуе на адной энергетычнай хвалі. Для іх кожны навучэнец, незалежна ад здольнасцей і стараннасці, - асоба, у якой сыходзяцца разам мэта, працэс і вынік сутворчасці настаўніка і вучня.

Надзея БУНЦЭВІЧ, старшы выкладчык кафедры беларускай музыкі установы адукацыі “Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі”, дацэнт кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта

Каледж як цэнтр сусвету?

‑ Музычныя навучальныя ўстановы перажываюць сёння не лепшыя часы. Няма вакол іх таго ажыятажу, што быў ў мінулыя дзесяцігоддзі, калі піяніна ў доме лічылася неабходным элементам дэкору, сведчаннем дабрабыту, як пазней гэта было з дыванамі і крышталём. Дый хлопец з гармонікам ці гітарай у руках цяпер не мяжа дзявочых летуценняў, а якраз наадварот – ніжэйшая “стартавая пазіцыя”. Але нельга не заўважыць і некаторых станоўчых зрухаў: грамадства паступова вяртаецца да трывалых вечных каштоўнасцей. І заслуга ў гэтым, найперш, тых навучальных устаноў, якія праз сваіх вучняў выхоўваюць і іх бацькоў, сяброў, родных і блізкіх. А галоўнае – становяцца цэнтрамі культурнага жыцця рэгіёна. Мадэль культурнага асяродку, у аснове якой знаходзіцца профільная навучальная ўстанова (а лепей – некалькі такіх устаноў, разлічаных на розны ўзрост дзяцей і моладзі, што забяспечвае пераемнасць выхаваўчых працэсаў), становіцца сёння адной з самых перспектыўных. Бо на базе музычных каледжаў і школ, з непасрэдным удзелам выкладчыкаў і вучняў, можна ладзіць самыя розныя творчыя праекты, не менш прывабныя (і, скажам шчыра, куды больш цікавыя) за прыезд расійскіх зорак эстрады. Асабліва актуальна гэта для тых мясцовасцей, дзе няма ні свайго тэатра, ні філіяла філармоніі, як ў той жа Лідзе. У такіх умовах да навучальных устаноў мастацкага профілю трэба ўвогуле ставіцца, як да цэнтра сусвету! І падтрымліваць іх на ўсіх узроўнях – ад дзяржаўнага да спонсарскага. Што ў Лідзе і робяць. 

Адрес

Колледж: ул. Советская, 3, 231300, г. Лида

Общежитие: ул. А. Мицкевича 38 корпус 2, г. Лида

Контактная информация

Email: Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Phone: +8 (0154) 52 25 39

Fax: +8 (0154) 52 25 39